Славутае батальнае палатно, намаляванае ў XVI стагоддзi, паказвае гiстарычную перамогу лiтоўска-польскага войска 8 верасня 1514 года. Вялікі памер 50х70 см падорыць вам некалькi захапляльных гадзiн над збiраннем гэтага незвычайнага пазла.
8 верасня 1514 года на беразе Дняпра сышліся літоўска-польскае войска на чале з вялікім гетманам літоўскім князем Канстанцінам Астрожскім і ваяводам кіеўскім Ежы Радзівілам з маскоўскiм войскам на чале з князямі Іванам Чалядніным і Мiхаiлам Булгакавым-Голіцай. Гэта была выніковая баталія шматгадовай вайны. Паводле ацэнак гісторыкаў, у найбуйнейшай бітве тагачаснай Еўропы бралі ўдзел 35 тысяч літоўскіх i польскiх рыцараў супраць удвая большага колькасна праціўніка.
Карціна напісана неўзабаве пасля бітвы, верагодна, нямецкім мастаком Гансам Крэлем, прыдворным мастаком караля Венгрыі і Чэхіі Людвіка Ягелончыка.
Выява адначасова паказвае паслядоўныя фазы бітвы. Каб сачыць за імі, трэба ісці справа налева i вертыкальнымі палосамі зверху ўніз. Некаторыя персанажы з’яўляюцца некалькі разоў.
Літоўскія і польскія рыцары ў максіміліянавых даспехах з максімальнай абаронай і на конях. Маскоўскае войска лёгка пазнаць па канічных шлемах. Бліжэй да цэнтра карціны яны яшчэ змагаюцца з літвінамі і палякамі, у левым ніжнім краі кампазіцыі ўжо бачны разгром маскавітаў.
Да перамогі прывёў спрытны стратэгічны манеўр князя Астрожскага. Літоўска-польскае войска сярод ночы незаўважаным пераправілася праз Дняпро: звярніце ўвагу на рыцара, які вылівае ваду са сваіх даспехаў. Даспех падчас пераправы быў зняты, каб цяжкі рыштунак не пацягнуў яго на дно.
Яшчэ адным удалым ходам камандзіра было схаваць артылерыю ў невялікім ляску, у ваколіцах якога на яе напароліся значныя маскоўскія сілы. Для перавозкі цяжкіх гармат праз раку быў пабудаваны пантонны мост на бочках. Адну з іх да схованкі накіроўвае майстар-кананiр у жоўтым строі.
Каля ракі, ля пня, можна ўбачыць фігуру ў чорным, якая робіць жэст кадравання. Мастак мог быць удзельнікам падзей або такім чынам падкрэсліваў праўдзівасць свайго бачання, пабудаванага на аснове аповедаў відавочцаў бітвы.
Прыгожа!