Description
Саша Філіпенка. Былы сын
На беларускай мове
Мяккая вокладка, 220 с.
Самы першы раман пісьменніка — «Былы сын» — расказвае пра юнака, які пацярпеў у страшнай цісканіне на Нямізе і 10 гадоў праляжаў у коме. Ім апекавалася бабуля, якая, у сваю чаргу, старалася бачыць свет вачыма ўнука, каб усё яму распавесці, калі той ачуняе. Яна расказвае, а чытач узгадвае тое, што беларусы перажылі за гэты час: усё адно як цэлая краіна праляжала ў коме, бо не было нейкага імпульсу, які б прымусіў гэтае жывое цела ўстаць і нешта для сябе зрабіць. І наступствы гэтага ляжання даганяюць, нават калі ажываеш і з’яўляецца надзея.
Саша Філіпенка (нар. у 1984) — беларус з каласальным журналісцкім досведам. Ён публікуецца ў прэсе сусветнага ўзроўню і актыўна бароніць здаровы сэнс і чалавечнасць.
Раманы Сашы Філіпенкі перакладзеныя на французскую, нямецкую, чэшскую, венгерскую, польскую, італьянскую, англійскую, харвацкую, галандскую, іспанскую, японскую, шведскую, славацкую, тайскую, турэцкую мовы (і ў найбліжэйшых планах – карэйская). Яны напісаны па-руску, аднак сёлета былі пераствораныя па-беларуску.
*Перш чым везці гэтыя кнігі ў Беларусь, пераканайцеся, што гэта бяспечна.
Арцём (verified owner) –
Вельмі добрая кніга. Як летапісь жыцця ў Беларусі 2000-2019 гадоў.
Źmicier Šylo –
Прачытаўшы “Былы сын” Сашы Філіпенка (Sasha Filipenko).
Спадабалася. Я наогул зануда, але кнігі дачытваць сябе не змушаю, адкладаю, калі занадта груваздка, нудна і нецікава. “Былога сына” я прачытаў нагбом. Цікава і кранальна. Гэты тэкст Сашы Філіпенка мне нагадаў карціны Валянціна Губарава (Valentin Gubarev) і Алега Цэлкава. Дыхтоўна зроблены гратэск, у якім празрыста бачна замілаванне да людзей і агіда да сістэмы.
Магчыма, я не зьвярнуў бы ўвагі на гэты раман, каб не кінутая ў вентыляцыю “крытыка” спадара Валерыя Гапеева (Valer Hapeyeu). У мяне спрацаваў савецкі ўмоўны рэфлекс “харошыя боты, трэба браць”. І я не памыліўся. 🙂
Яшчэ адна важная заўвага пра мову.
Першапачаткова я стаў чытаць “Бывшего сына”, але прыпыніўся на сярэдзіне. Расейская мова “арыгіналу” была нейкай няскладнай, не пасуючай да рэалеяў, якія апісвала, нязграбнай. “Былога сына” адразу было нашмат лягчэй чытаць… Было такое адчуванне, што спачатку я нібыта ўбачыў у падручніку чорна-белую літаграфію карціны (рускі тэкст рамана Філіпенкі), а потым прыйшоў у музей і пабачыў каляровы арыгінал (беларускі пераклад “Былога сына”)…
Некаторыя ўрыўкі зусім не гучалі па-расейску, альбо гучалі калечна-штучна, як напрыклад, аповед (не)партызана, выпадкова запрошанага ў ліцэй. Наогул, у мяне было такое адчуванне, што “арыгінал” не арыгінал, але аўтарскі пераклад на расейскую… напэўна, пераклад, які адбываўся аўтаматычна пад час напісання… У беларускім тэксце ўсё загучала арганічна. Таму, вялікі дзякуй ананімнаму перакладчыку за добрую працу – ён уратаваў для беларускай культуры геніяльны твор. І так сама дзякуй выдавецтву Гутэнберг (Gutenberg Publisher).