Description
Радзівілаўская карта Вялікага Княства Літоўскага 1613 года
Асобнік “Мальдзіса”
Лімітаванае выданне мапы, нумарацыя ад 11 да 100. Падарункавы тубус, драўляны падвес.
Перад вамі копія карты, набытай ініцыятывай MALDZIS у снежні 2024 года на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Сяргея Казлоўскага, Ані Буглаковай,
Уладзіміра Гарлача і Дзмітрыя Падалінскага.
Карта ахоплівае тэрыторыю ВКЛ у межах да Люблінскай уніі 1569-га года і часткова землі суседніх краін. Ініцыятарам яе стварэння і мецэнатам быў князь Мікалай Крыштоп Радзівіл Сіротка, і ў выніку карта ўвайшла ў гісторыю пад ягоным прозвішчам. Аўтарам эскізу карты з’яўляецца нясвіжскі гравёр Тамаш Макоўскі.
Радзівілаўская карта была шырока вядомая ў Еўропе і да гэтага часу застаецца каштоўнай гістарычнай крыніцай. На ёй пазначаныя звыш 1000 населеных пунктаў, з якіх больш за 300 — на землях сучаснай Беларусі.
Першаўзор Радзівілаўскай карты быў створаны ў Нясвіжы блізу 1603-га года, але да нашых часоў не захаваўся. Шырокую вядомасць карта набыла дзякуючы выданню 1613-га года, выкананага галандскім гравёрам Геселем Герыцам у Амстэрдаме для картаграфічнай майстэрні Вілема Янсана Блаў.
З 1631-га года Радзівілаўская карта далучалася да атласа выдавецтва Блаў “Appendix Theatri A. Ortelii et Atlantis”. Асобнік “Мальдзіса” з’яўляецца адным з першых атласных выданняў карты.
Арыгінальная карта выкананая ў тэхніцы афарбаванай гравюры на медзі, склееная з чатырох частак, памер карты — 74 × 75 см. Маштаб каля 1:1 300 000.
На адваротным баку асобніка “Мальдзіса” — старонкі атласа з лацінскім тэкстам пад назвай “Descriptio Lithuaniae” (“Апісанне Літвы”). Гэта геаграфічнае і гісторыка-культурнае апісанне Вялікага Княства Літоўскага.
Пра MALDZIS Ініцыятыва атрымала назву ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя беларускія каштоўнасці і імёны. MALDZIS працягвае гэтую справу і бачыць сваю місію ва ўмацаванні вобраза Беларусі як еўрапейскай нацыі і аб’яднанні беларусаў вакол нацыянальнай ідэнтычнасці.
Агляды
Водгукаў пакуль няма