Апісанне
“Гэты раман — нязменна дасьціпны, вельмі асацыятыўны,
з элемэнтамі антыўтопіі, вясёлы і гаркаваты, саркастычны і часам
цынічны, прасякнуты гумарам, іроніяй і, што самае галоўнае, самаіроніяй, якая ёсць найлепшым сродкам самаабароны, — не дазволіць вам засумаваць. А як вядома, няхай жыве любы жанр, апрача сумнага!”
Уладзімір Арлоў
Вал Клемэнт нарадзіўся пад псеўданімам Васіль Еўдакімаў у 1957 годзе ў Менску ў сям’і выкладчыкаў ВНУ. Пасрэдна вучыўся ў школе, займаўся плаваннем, а ў вольныя хвіліны пасвіў аблокі.
Пасля сканчэньня школы паступіў на юрыдычны факультэт БДУ, дзе вывучаў гісторыю КПСС, марксізм-ленінізм, калгаснае права ды іншыя карысныя навукі.
Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, па размеркаваньні трапіў на працу ў органы пракуратуры гораду Менску. Праз пэўны час аўтар з палёгкаю развітаўся з пракуратурай, а пракуратура з палёгкаю развіталася з аўтарам.
Са свету правапарушальнікаў і праваахоўнікаў Вал Клемэнт вярнуўся ў храм адукацыі і выхавання, паступіўшы ў аспірантуру пры БДУ. Абараніў дысертацыю на званне кандыдата юрыдычных навук і ўладкаваўся выкладчыкам на родны юрфак. У 1990 годзе быў запрошаны на працу ў адну з вядучых юрыдычных фірмаў Вялікай Брытаніі ды пераехаў у Англію, што дало яму магчымасць набыць досьвед заходняй юрыдычнай практыкі, вывучыць беларускую мову і паглядзець іншы, незнаёмы свет. Гэты свет ён глядзіць і дагэтуль. Жыве ў Лондане.


Таццяна –
Дзякуючы гэтай кнізе я смяялася ўголас, як даўно гэтага не рабіла. Мова апавядання вельмі плынная, лёгкая, быццам гэта наўпрост мне Геня расказвае пра свае жыццё за келіхам ці кубачкам. Дазваляе ўспамінаць вулачкі, дарагія сэрцу мейсцы, у думках самой там аказацца і прайсці маршрутам маладосці: Мінск і Круглая – гэта такія ж персанажы кнігі, яскравыя, жывыя, родныя. Ну і як я ўжо не адзін раз характэрызавала гэтую кнігу – гэта прышчэпка ад думкі, што ўся беларуская літаратура гэта боль і пакуты.
Дзеля мяне яна стала лепшай кнігай, прачытанай у 2023 годзе.
Siarhiej –
Чытаць такую кнігу цікава і захапляльна, яна не дае засумаваць, пры гэтым прымушаючы задумацца пра шматлікія пытанні нашага жыцця. Рэкамендую ўсім, хто любіць інтэлектуальныя і іранічныя творы.”
kniznyja_razmovy –
Гэтая кніга з сёлетняга лонг-ліста прэміі Гедройця ☝🏻
⭐ Незвычайная кніга для беларускага літаратурнага ландшафта – не толькі зместам, але і аўтарам. Вал Клемэнт – гэта псеўданім Васіля Еўдакімава, беларуса, які 1990 годзе з’ехаў у Лондан. З тых часоў жыве там, доўгі час працаваў юрыстам у вялікай юрыдычнай кампаніі.
👦🏼 “Круглая Square” – гэта яго ўспаміны пра Беларусь. Савецкую Беларусь яго дзяцінства і маладосці. Фармальна ў кнізе іншы герой, яго завуць Яўген Руд, які і апавядае пра сваё тагачаснае жыццё. Але ж мы ўсё разумеем 😏
📕 Тэкст вельмі іранічны, і спачатку я шчыра атрымлівала ад яго асалоду. Хутка чытаць кнігу, праўда, не выходзіла: словаў шмат, думак шмат, апісанні доўгія, увесь тэкст пранізаны рэфлексіямі і сучаснымі ўжо разважаннямі. Іранічнымі, а то і зласлівымі. І дзесьці бліжэй да сярэдзіны я пачала стамляцца.
📝 Геня (ад Яўгена) – малодшае дзіця ў сям’і ўніверсітэтцкіх выкладчыкаў. Пасля нараджэння Гені яны атрымаюць кватэру ў сталінскім доме на Круглай плошчы – цяперашняй плошчы Перамогі. У Гені ёсць старэйшая на 6 гадоў сястра, якая і ўскладняе, і робіць жыццё хлопца цікавейшым. Пасля будуць дваровыя сябры і сябры школьныя, вучоба ў знакамітым менскім “палцінніку” – 50-й школе, сур’ёзныя заняткі плаваннем, паступленне на юрфак, універсітэцкія сябры, не самы шчаслівы шлюб…
🧳 У 33 гады Геня ледзь не выпадкова едзе ў Лондан, а пасля дзякуючы сяброўцы атрымлівае запрашэнне на працу. І пераязджае. Гэта 1990 год – шмат невызначаннасці, шмат чаканняў.
🏙️ Пра Лондан мне было надзвычай цікава чытаць. Адкрылася другое чытацкае дыханне 😁 Бо адна справа нам цяперашнім прыехаць у Лондан, іншая – ўзгадаваму ў Савецкім саюзе маладому чалавеку.
✨ У назве аўтар спалучыў дзве важныя для яго плошчы – Круглую і Трафальгарскую. І вызначае сваё экзістанцыйнае самаадчуванне як недзе паміж двума гэтымі лакацыямі. Пра што распавядзе напрыканцы кнігі.
👌🏼 Магу параіць кнігу тым, хто любіць успаміны і канкрэтна ўспаміны пра Менск. І тым, хто шукае аб’ёмную кнігу для павольнага чытання.
Водгук Кацярыны (@kniznyja_razmovy) з сайта bellit.store.