Апісанне
Гэтая кніга — голас Максіма Знака, беларускага праўніка і літаратара, палітычнага зняволенага, які з 9 лютага 2023 года застаецца без права ліставання і спатканняў са сваякамі і абаронцамі. На пачатак траўня 2024-га ні сям’я, ні адвакат не маюць ніякай інфармацыі пра Максіма ўжо больш за 450 дзён. У міжнародным праве такое ўтрыманне кваліфікуецца як катаванне і называецца тэрмінам «інкамунікада». У практыцы міжнародных праваабарончых механізмаў яно стаіць у адным шэрагу з гвалтоўнымі знікненнямі — адным з самых цяжкіх парушэнняў правоў чалавека.
Тэксты гэтага зборніка ствараліся ў першы год утрымання ў СІЗА, калі творчая дзейнасць за кратамі і перадача рукапісаў яшчэ былі магчымыя. Частка твораў публікуецца ўпершыню. Насуперак абставінам, у цеснай камеры і цяжкіх умовах Максім захаваў сілу духу і творчую свабоду, якія дазвалялі яму дасягаць праз краты шырокай прасторы, спалучаючы іранічнае і сур’ёзнае, лёгкае і глыбокае, лірычнае і штодзённае.
І — насуперак абставінам — чытач гэтай кнігі можа стаць часткай гутарак з Максімам, наведаць яго ў камеры, дзе пад кубачак гарбаты можна пажартаваць пра сумнае ці паспрачацца пра высокае. Або проста прачытаць тэксты і праспяваць песні на словы Максіма, даючы ім голас, якога яны на сёння пазбаўленыя.


Водгукі
Водгукаў пакуль няма.