Апісанне
Раман-лабірынт, які нагадвае адначасова падарожжа Дантэ ў пекла, плаванне Адысея дадому і камп’ютарную гульню-блукалку, у якой трэба адшукаць выйсце і выжыць. Сустрэчы з памерлымі сябрамі і вядомымі асобамі — Улдысам Бэрзіньшам і Алесем Родзіным, Андрэем Бітавым і Эдвардам Мункам, Янко Брылём і Джэймсам Джойсам: шлях героя ў загадкавай капсуле часу будзе пакручастым, яму давядзецца сутыкнуцца з уласнымі страхамі і спазнаць самога сябе.
Зміцер Вішнёў — паэт, празаік, мастак і выдавец. Адна з самых уплывовых асобаў на незалежнай культурнай сцэне Беларусі; яго празаічныя тэксты, эсэ і вершы сталі аднымі з самых адметных галасоў сучаснай айчыннай літаратуры.
Тэксты З. Вішнёва развіваюцца ў дынамічным сінтэзе з іншымі формамі яго мастацкага выяўлення. Ён — адзін з сузаснавальнікаў легендарнага руху «Бум-Бам-Літ», які ў 1990-я гады імкнуўся разарваць межы літаратуры і шукаў шляхі да зліцця розных мастацтваў. Рух спарадзіў, між іншым, перформанс-групу «Спэцбрыгада афрыканскіх братоў» на чале з Вішнёвым, якая правакавала афіцыйны культурны істэблішмент сваімі радыкальнымі акцыямі, і літаратурную суполку Schmerzwerk, што «рабіла балюча» сваёй лірычнай праграмай. Удзельнікаў гэтых праектаў аб’ядноўвала заклапочанасць адраджэннем мовы і мастацтва, а таксама жаданне вызваліць іх ад савецкай традыцыі.
Аўтар кніг «Штабкавы тамтам» (1998), «Тамбурны маскіт» (2001), «Трап для сусьліка, альбо нэкрафэлічнае дасьледаваньне аднаго віду грызуноў» (2002), «Верыфікацыя нараджэння» (2005), «Фараон у заапарку» (2007), «Замак, пабудаваны з крапівы» (2010), «Шоргат жукоў» (2011), «Спітыя баркасы» (2014), «Калі прыгледзецца — Марс сіні» (2018). У 2014 годзе раман Das Brennesselhaus выйшаў у Германіі на нямецкай мове.
Літаратурная праца З. Вішнёва шчыльна суправаджаецца жывапісам. Яго сюррэалістычныя, казачныя карціны выстаўляліся ў Беларусі і за мяжой, у тым ліку ў Kunsthaus Tacheles (Берлін), Музеі нонканфармісцкага мастацтва (Санкт-Пецярбург) і нядаўна — у Kulturstiftung Schloss Wiepersdorf.
У 2007 годзе разам з Міхасём Башурам З. Вішнёў стварыў выдавецтва «Галіяфы», якое перадусім выдавала беларускамоўную літаратуру, надаючы асаблівую ўвагу дэбютным творам і забытай класіцы мінулага стагоддзя. Дзейнасць выдавецтва і продаж кніг ва ўласнай кнігарні былі забароненыя рэжымам у 2022 годзе. Улетку 2022 года З. Вішнёў пакінуў Беларусь і праз пагрозы не змог вярнуцца. Цяпер жыве ў Германіі.


Водгукі
Водгукаў пакуль няма.