Апісанне
Кніжны жанр кіберпанку застаўся ў дзевяностых. Усе яго літаратурныя наступствы, якія мы бачым навокал, – гэта развіццё жанру з прыстаўкай “пост”. “Пентаквантар” – менавіта такі посткіберпанк-раман, неўтаймаваны і маштабны тэхнатрылер, які ідзе па слядах “Крыптаномікону” і “Лавіны” Ніла Стывенсана, несучы на сэрцы шнары ад “Штама Андрамеда” Майкла Крайтана і “Нэйрамансера” Уільяма Гібсана.
Нягледзячы на тое, што “Пентаквантар” – гэта аўтарскі дэбют, да сюжэту Арцём Шуканаў падышоў з размахам. Дзеянне адбываецца ў будыйскіх святынях спякотнага Лаоса і на дажджлівых неонавых вуліцах Кіёто. З бетонных джунгляў Мінска-3, што на ўсходніх межах Інтэрмарыуму, даводзіцца перамясціцца на Мальдывы, а адтуль, калі гісторыі становіцца цесна на Зямлі, праз Індыйскі акіян – да вялікай кветкі Чырвонай Плюмерыі, ніжняй станцыі касмічнага ліфта, адкуль героі пачнуць сваё самае далёкае падарожжа да планеты Джуніпер.
Перад вамі дэбютны раман Арцёма Шуканава, які задаўся аднойчы пытаннем “А што я зрабіў у свае гады для кіберпанку?” і вырашыў спакусіцца на нешта значнае. Не клапоцячыся пра наступствы, ён распахнуў літаратурныя дзверы нагою, адразу выкаціўшы на суд чытача буйны і эпічны саенс-фікшн раман.

Lizaveta Zhuk –
Не ну, гэта было вельмі цікава і інтрыгуюча, такое знаёмства з героямі і кніжным светам. Першая частка заканчваецца на кліфхэнгеры, таму пабягу чытаць другую!
Водгук Lizaveta Zhuk з сайта Goodreads.com
Maša –
Мінск як істотная частка сусвета хуманоідных робатаў, межпланетных вандровак, дамінацыі ШІ ды з знаёмымі панэлькамі і вішнёвым піражком з мака? Так, загарніце 10 кніг і серыял, калі ласка.
Нават з 80% разумення разумных слоў, светабудаванне адчуваецца актуальным у часе штодзенных навін аб ШІ, дата цэнтрах, дронах і місій Artemis
Водгук Maša з сайта Goodreads.com