Апісанне
Што будзе з намі, калі мы раптам апынёмся па розныя бакі — краіны, гісторыі, уласнага жыцця?
Адна краіна расколваецца на «да» і «пасля». На тых, хто застаўся, і тых, хто знік, забраўшы з сабой мову, памяць, цывілізацыю. Цэлы свет распадаецца на часткі, і кожная з іх пачынае жыць паводле ўласных законаў.
Але героі гісторыі застаюцца знітаваныя агульным мінулым, выбарам, які нельга адмяніць, і пытаннямі, на якія няма простых адказаў. Ці можна зноў стаць адным цэлым? І ці хто-кольвек гэтага хоча?
Беларускі пісьменнік Віктар Марціновіч стварыў напружаны і эмацыйны твор пра разлом, які праходзіць праз лёсы людзей. Тут ёсць усё: досвед сыходу і яго цана, складаная этыка адносін паміж «сваімі» і «чужымі», унутраныя канфлікты, што не даюць спакою.
Гэта вострасюжэтны постапакаліптычны раман з гісторыяй кахання і фіналам, які насамрэч — толькі пачатак.

парандоўскі –
Прачытаў за суткі. Можна шмат пра што казаць у кантэксце гісторыі, але аўтар бясспрэчна гуманіст
galina –
Спачатку чытаць было смешна, я ціхенька рагатала з усяго: з вось гэтага простага жыцця, простай мовы, гэтых простых герояў, а ў наступную сэкунду ўспамінала, дзе гэта ўсё адбываецца, і ўжо было не так смешна. А потым пайшло апісанне Каменнай горкі, Кунцаўшчыны, Кастрычніцкай… і тут ужо з вачэй лілісь слёзы.
І вось гэтае нарастанне трывогі, калі нібыта яшчэ столькі ўсяго павінна адбыцца, а старонак засталося так мала. І павольнае разуменне… Дзякуй, Віктар, за яшчэ адзін шэдэўр і за маё зноўку разбітае сэрца.
«Гэта горад. Ягоны горад. Які спачатку згубіўся, а потым знайшоўся. Але знайшоўся так, што згубіўся сам Вацлаў».
Водгук galina з сайта Goodreads.com
Artiom Tkaczuk –
Трэба чытаць сучаснікаў.
Некалі ў юнацтве такую параду даў мне старэйшы і мудрэйшы чалавек. Гэта быў адказ на пытанне, як лепш зразумець свет, у якім мы жывем.
Віктар Марціновіч ужо даўно стаў адным з такіх сучаснікаў. Сфагнум, Возера радасці, Ноч, Мова, Рэвалюцыя і вось цяпер Глыбіня. Гэта ўсё пра нас і наш беларускі сусвет. На розных этапах, праз розныя прызмы.
Я заўжды плююся пасля першага прачытання яго кнігі. Нават заракаўся больш не чытаць. Разам з гэтым ён з’яўляецца адным з нешматлікіх аўтараў, кнігі якога я перачытваў. Вось гэта перачытванне, у маім выпадку, заўжды было важнейшым за першае прачытанне.
Раман Глыбіня пра “дзве паловы сталічнай душы”. Пра суцэльную адсутнасць ідэй як гэты разрыў можна склеіць. Увесь сюжэт і, асабліва, канцоўка, гэта вядро халоднай вады на гарачыя голавы, якія мараць пра светлую будучыню. Толькі кожны бок па-свойму. Новы раман Марціновіча – гэта запрашэнне адказных людзей да рэалістычнай рэфлексіі сучаснасці і будучыні.
Віктар Марціновіч – майстар сюжэту. Раман чытаецца як заўжды лёгка, нягледзячы на традыцыйную любоў да неістотных драбніц на старонкі. Гэтым разам, напрыклад, будзе апісанне відаў абмерзласці машыны і як іх чысціць амаль на ліст. Слава Богу, гэтым разам без тыпавання асобаў маркамі вопраткі.
Галоўны герой, Вацлаў Ластоўскі, гэта, канешне, архетып быкаўскіх прафесара Скварыша ці афганца Ступака. Так сумна, што столькі год мінула – а нашы класікі ўсё пра тое ж – “вы жэ самі ўсё панімаеце”. Усе гэтыя героі такія блізкія, такія свае і сапраўды добрыя людзі. Адукаваныя і шукаючыя праўды.
Думаю гэты твор для тых, хто хоча латаць нашы беларускія дзюркі, а не абстрагавацца ад іх. І стацца цалкам “сваім”. Як кажа Таццяна – за гэта ўсё роўна не дадуць грамадзянства і права галасаваць.
Водгук Artiom Tkaczuk з сайта bellit.store
Siarhei Hudzilin –
Новы раман Марціновіча “Глыбіня” як узор магчымасцяў беларускай літаратуры ў дыскурсе позняга аўтарытарызму. Максімальна нюансаваны тэкст атрымаўся для мяне. Зрэшты як і публічнае жыццё ў Беларусі. Таму такі details, таму такі fabrique. Таму самацэнзурнасць. Але з гэтай оптыкі ён і цікавы.
У плане мовы дапушчу здагадку, што гэта яго першы раман, які ствараўся па-беларуску. Такая індывідуальная ўнутраная работа ідэнтычнасці ў такія часы. Ёсць цікавыя адаптацыі, рэдкія слоўцы. Ёсць гэтая фірмовая канструктывісцкая дэталізацыя ў нарацыі, дзе аўтар дэманструе свой багаты ўнутраны свет і абазнанасць. І якая проста юшыць сваёй дакументальнай нагрувашчанасцю. А можа Марціновічу трэба прастора для беларускамоўных намінацыйных практык, таму і так. Сцэна пераходу на глыбіню — самая кульмінацыйна эмацыйная частка. Вось ёсць у яго кнігах заўсёды адзін момант, калі трэба тармазнуць чытанне і перавесці дух. Не ведаю з чаго ён робіць гэты люкс. Структурна гэта стандартная трохчасткаваць, а пасля ўжо ўсё коціцца ўніз.
Але бліжэй да канца раскрываецца іншы слой гэтага прыёму — так фіксуецца рэчаісны свет Беларусі, тое старое майно дэградуючай рэтра-паўсядзённасці, якая з эміграцыі ўжо не відаць. У тэорыі гэтым мусяць займацца смі, але in exile трохі іншыя метрыкі. Аб яе лёгка траўмавацца жывучы ў еўрапейскіх сталіцах. Адзін берлінец год таму так парэзаўся аб запыленыя мінскія фальш-фасады, што лячылі ўсім фэйсбукам. Ад гэтага адсюль і мігруюць.
З актуалій беларусацэнтрычнага свету канцэптуальна ў рамане сфармуляваныя дзве думкі — вяртання і прабачэння. Першая ў тым самым множным ліку νόστοι як і ў перакладзе Баршчэўскага. Гэта папса, так. Белліт апошнім часам палюбіў галівудзкі кінематограф. А другой думкі — прабачэння, у эмігранцкім дыскурсе няма. Тут мразі, барацьба за рэсурс і рэпосты. І гэты голас з метраполіі пакуль палітычна маргінальны. Для мяне тактычна блізкі.
Большых тэарэтычных рашэнняў Марціновіч не дае, бо чытай вышэй. Канечне ёсць падсвечаны падзел на тут і там, але мяжа ў свеце аўтара не глухая. Проста адны “страцілі мінулае, а іншыя будучыню” — просты рэцэпцік our daily life. Англамоўны тайтлінг частак як старарэжымны дэтэктыў і самота па часам вялікіх стыляў. Але раман, вокладка і сам аўтар і жывуць у старым рэжыме. Тут у нас постдок, постфікшн і прамата. Там свет метафар і абмежаванай дасказанасці. Старое руінаванае ламачча незавершанасці якое прыйшлося кінуць. У яго і прыйдзецца вяртацца.
Водгук Siarhei Hudzilin з сайта bellit.store