Апісанне
Ад аўтара бестсэлераў №1 па версіі The New York Times Джона Грына!
Героі новага рамана Джона Грына — маладыя дарослыя.
Джуніпер і Кай здымаюцца ў амбітнай стужцы пра Эндзі Ўорхала. Маладыя і прыгожыя, яны засяроджаныя на сумленнай працы, на самарэалізацыі, яны сапраўды хочуць зразумець мастака і свет, у якім жыў гэты найвыдатнейшы прадстаўнік сучаснай культуры — а можа, у вялікай ступені яе творца.
Здаецца, акторы вось-вось стануць шалёна папулярнымі. Чаго гэта будзе каштаваць ім?
_____________________
Раманы Джона Грына заўжды вельмі псіхалагічныя, уважлівыя да перажыванняў яго герояў.
Яго “У пошуках Аляскі”, “Папяровыя гарады”, “Вінаватыя зоркі”, “Чарапахі да ўпору” сталі любімымі кнігамі моладзі па ўсім свеце, дзве з іх экранізаваныя.
У новым рамане, па словах Грына, ён меў на мэце “даследаваць напружанасць паміж прыватным і грамадскім жыццём”. Барацьба з ўвагу бязлітасная, і часам гэты шлях вядзе па адкрытых ранах.
Сусветны рэліз кнігі — 22 верасня.
Старт продажаў беларускага перакладу — 14 лістапада.

Donna Seaman –
Суперзорка падлеткавай прозы, Грын пачаў пісаць для дарослых з двух навукова-папулярных твораў – “Агляд Антрапацэну” (2021) і “Усё ёсць сухоты” (2025). Цяпер ён прадстаўляе свой першы раман для дарослых і першую мастацкую кнігу з часоў “Чарапах аж да ўпору” (2017) – захапляльную гісторыю, прасякнутую ўсімі рысамі, якімі так захапляюцца яго адданыя прыхільнікі, але ўзбагачаную больш складанымі калізіямі, пытаннямі і прасвятленнямі.
Грунтуючыся на уласным досведзе сутыкнення з дабротамі і падводнымі камянямі славы, а таксама з патрабаванняў і захаплення ад экранізацыі большасці сваіх раманаў, Грын адлюстроўвае двух дваццацігадовых акцёраў, якія стаяць на мяжы кінатрыумфу, псіхалагічнага зрыву або і таго, і другога разам. Джуніпер Касціла і Кай Ларамі – супрацьлегласці ў чымсьці адным і роднасныя душы ў іншым – атрымліваюць ролі ў надзвычайна глыбокім фільме “Эндзі Уоргал ніколі не старэе”. Мегазорка Мэт’ю Малоўн, які грае галоўную ролю, бярэ маладых калег пад сваё крыло і шчыра цешыцца магчымасці пабыць шчодрым настаўнікам.
Джуніпер на сцэне з самага дзяцінства – яе рухала наперад і адначасова здзеквалася з яе маці-алкагалічка, якая нядаўна памерла. Бліскучая, дысцыплінаваная і амбіцыйная, Джуніпер ведае кінавытворчасць уздоўж і ўпоперак, па-майстэрску прасоўвае сябе ў сацыяльных сетках і прымае ўсю гэтую вымотвальную, часта абсурдную, а часам і проста гратэскавую гульню ў піяр, нават працягваючы непахісна імкнуцца да мастацкай сумленнасці і дасканаласці.
Навак жа Кай агаломшаны ды шакаваны халодна-разрахавальнымі галівудскімі махінацыямі. Да таго ж ён глыбока траўмаваны і не можа прымусіць сябе прызнацца Джуніпер і расказаць пра прычыны, нават калі паміж імі пачынае зараджацца каханне. Але ніводная таямніца, якой бы цёмнай і балючай яна ні была, не схаваецца ад ненажэрнай гіганцкай кінаіндустрыі, гатовай амаль на ўсё дзеля клікбэйту і касавых збораў.
Аповед Грына – праніклівы, эмпатычны і прыцягальны, бо Джуніпер і Кай перадаюць голас адно аднаму. Роздумы пра глыбокае разуменне і выкарыстанне Уоргалам пераменлівасці славы, а таксама камерцыялізацыі мастацтва і жыцця фарміруюць правакацыйныя і напружаныя канфлікты рамана. Грын, які дзякуе сваёй жонцы Сары – мастацтвазнаўцы і куратарцы – за яе ўнёсак, таксама ўплятае ў тканіну твора даніну павагі мастачкам Джоан Мітчэл і Агнэс Марцін.
Сярод іншых мудрых і кранальных сцвярджэнняў, рассыпаных па гэтай інтэлектуальна тонкай і душэўнай гісторыі, – успамін Кая пра тое, як падчас яго сталення ў Індыяне (дзе жыве і сам Грын) яго дзядуля, які любіў цытаваць Гамлета, казаў яму: “Ты ніколі не будзеш адзінокі ў гэтым свеце, пакуль у цябе ёсць чытацкі квіток”.
У выніку раман Грына пра здраду і выжыванне, давер і каханне становіцца пераканаўчым асуджэннем “душагубнай” машыны камерцыялізацыі і сапраўдным гімнам мастацтву.
Кай кажа, што кіно “дазваляе людзям адчуваць рэчы разам”. Джуніпер разважае: “Кіно можа адкрыць нам акно ў глыбіні ўласнай сутнасці – у тое самае патаемнае месца, якое баліць так моцна, што мы можам убачыць яго толькі ўрыўкамі”. Тое ж самае робяць і раманы, што Грын так кранальна даводзіць у гэтай захапляльнай, пяшчотнай, трапнай, смешнай і спагадлівай гісторыі пра каханне і творчасць.
Пераклад водгука Donna Seaman з сайта bookmarks.reviews