Апісанне
10 беларускіх аўтарскіх казак пра дабрыню, працавітасць, ветлівасць, кемлівасць і міласэрнасць.
Зборнік казак, які вы трымаеце ў руках, — гэта легенды і павер’і, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў маёй сям’і. Гісторыі, пачутыя ў маленстве ад вясковых бабуль і дзядуль, натхнілі мяне на напісанне гэтай кнігі.
Беларуская вёска — сапраўдны рэлікт старадаўніх уяўленняў і звычак нашых продкаў. Магчыма, сёння гэта здаецца дзіўным, але нават у самым канцы ХХ стагоддзя сярод вясковых людзей на Лідчыне існавала (і працягвае існаваць!) шмат забабонаў і вераванняў, якія сваімі каранямі сягаюць у дахрысціянскія часы. Напрыклад, мая бабуля Юзэфа была ўпэўнена ў тым, што яе суседка па хутары наводзіць чары і крадзе ў кароў малако. А бабуля Галя пераконвала, што рапуха, якая забралася ў хату, — праяўленне нячыстай сілы, і каб адвесці няшчасце, трэба яе спаліць у печцы.
Усе гэтыя гісторыі я не забыў і пераказаў сваім чытачам.
З прадмовы аўтара
Змест
- Гарнец гароху
- Скрадзены куфар
- Качка з залатой дзюбай і срэбранымі пёрамі
- Як цмок сонца праглынуў
- Сказ пра ведзьму Грагу
- Залатое зерне
- Як селянін разбойнікаў напужаў
- Пра Шэрага ката
- Чароўныя кросны
- Як з’явіўся месяц


Rodolfo Magalhaes –
Эта книга очень хороша. Он идеально подходит для детей, обучающихся грамоте, и для взрослых-иностранцев, изучающих русский и белорусский языки. Много гравюр и крупных букв.
This book is very good. It is ideal for children learning to read and write and for foreign adults learning Russian and Belarusian. Lots of pictures and large letters.
Янак Дзяшук –
Залатое Зерне, унікальны зборнік казак. У кожнай казцы і камедыя, і драма, і трыллер. Усе аздоблена унікальнымі ілюстрацыямі. Дзякуй Мечыслаў і чакаем працягу.
kniznyja_razmovy –
Калі вы любіце казкі і ўжо перачыталі ўсе зборнікі народных казак, альбо калі тыя падаюцца вам занадтна далёкімі і поўнымі нязвыклай лексікі, то самы час звярнуць увагу на казкі аўтарскія. Напрыклад, на гэты зборнік Мечыслава Яна Супрона.
📙 У прадмове аўтар кажа, што казкі ў гэтай кнізе ў сваім падмурку маюць легенды і павер’і, якія перадаваліся ў ягонай сям’і з пакалення ў пакаленне. То бок гэта не проста прадукт яго фантазіі, але і спроба захаваць светапогляд продкаў.
📝 У кнізе 10 казак, у якіх ёсць і цмок, і ведзьма, і разбойнікі, і разумны шэры кот, і злая мачыха, і чароўныя матчыны кросны. Ёсць выключна вясковыя гісторыі, а ёсць і гарадскія.
✨ Мне пашчасціла выйграць кнігу ў разыгранцы @gutenbergpublisher (дарэчы, выдавецтва рэгулярна ладзіць разыгранкі сваіх кніг, таму шчыра раю падпісацца 😉), але я доўга вакол яе хадзіла, думаючы, ці самой чытаць, ці з дзецьмі.
☀️ Тэксту тут даволі шмат, ілюстрацыі вялікія і запамінальныя, але усё ж не столькі, каб малеча магла доўга іх разглядаць, пакуль ты чытаеш тэкст на старонцы. Таму з 3-гадовай Івонкай кнігу чытаць не выпадала. А старэйшага яшчэ паспрабуй злаві зараз, каб разам пачытаць 😅 Тым не менш на выходныя ўсё ж атрымлівалася, і мы чыталі па 1-2 казкі за раз. Таму атрымалася доўга. Затое з асалодай.
👌🏼 Казкі цікавыя, ёсць даволі папулярныя фрагменты ў сюжэтах, але сторытэлінг, як мне падаецца, больш зразумелы сучасным дзецям, чым у класічных народных казках. Менш побытавых нюансаў і незнаёмых словаў, таму ўспрымаецца тэкст лягчэй. Тым не менш, атмасфера адпаведная ёсць, як і базавая сялянска-вясковая лексіка.
🎨 Ілюстрацыі такія, што раз пабачыш і пасля ўжо абавязкова пазнаеш, не пераблытаеш. Мы з Захарам іх з задавальненнем разам разглядалі.
👨🏼👩Мяркую, што кнігу можна чытаць, пачынаючы з гадоў 4-5, але лепей усё ж 6+. Захару 9,5 і яму было цікава (галоўнае, каб мама чытала, а не самому 😁).
Водгук Кацярыны (@kniznyja_razmovy) з сайта bellit.store.
В. Г. –
Пісаць водгук на кнігу казак раптам выявілася вельмі няпростай справай. Таму выкладу свае думкі, так мовіць, тэзісна.
Гэта была першая ў маім практычным чытанні кніга, якую б я мог прачытаць за вечар, але чытаў тыдзень. Бо на другой казцы зразумеў, што для мяне ў цяперашні час – гэта добры тэрапеўтычны сродак. Кожная казачная гісторыя – як пігулка вечарам пасля безнадзейнага дня. У анатацыі гаворыцца, што казкі – пра дабрыню і міласэрнасць, але я успрыняў тыя словы як, прабачце, дзяжурныя словы ў анатацыі. Канешне ж, народныя казкі пра дабрыню. Але тут выявілася, што святло казак гэтай кнігі насамрэч існуе. І яно дзейснае, можа таму, што нечаканае…
Канешне, кніга – для дзяцей. І аднесена на сайце яна ў гэтую катэгорыю. Але тым дарослым, хто цікавіцца казкамі, вывучае і даследуе іх, яны будуць шыкоўным падарункам. Гэтыя казкі не паспела ачасаць і аграніць вусная творчасць, у іх шмат дэталей і апісанняў, якія набліжаюць іх да бытавых гісторый з чароўнымі элементамі. У казках жа мы маем толькі сутнасць – дзеянне і ўсё, што скіравана на дзеянне. Такім чынам, гэтыя гісторыі можна разглядаць як прамежкавы этап фарміравання ўласна казак.
Тое міласэрнае святло казак, пра якое я згадваў, выяўляецца ў самых нечаканых месцах. Мы помнім і разумеем законы казачных гісторый, у якіх дабро перамагае зло, дзе зло абавязкова бывае пакарана. І вось у адной гісторыі сутыкаемся з неверагодным для казачнай логікі (спойлер): чалавек захацеў украсці золата, гаспадар яго злавіў на гарачым. Да гэтага яшчэ і пабіў цэпам. Што мы чакаем у такі момант? Ну, праклёнаў там, ці злодзей пайшоў у карчму напіўся ды замёрз па дарозе дадому. Гісторыя ж Яна Супрона мае нечаканы фінал: злодзей павініўся, гаспадар яму дараваў, яны памірыліся і сталіся надалей добрымі сябрамі.
Вось у чым міласэрнасць казак – у гатоўнасці верыць і дараваць. І нават смерць злой ведзьмы быццам і заканамерная, але адбылася яна выпадкова (а можа, і не адбылася дарэшты), і людзі, якія ў першую чаргу маглі б прагнуць пакарання, не вінаватыя ў трагедыі. Яны ўвогуле свае беды не звязвалі са злым чараўніцтвам і дакладна не хацелі забіваць.
Часам проста неверагодная наіўнасць у паводзінах і рашэннях. У чалавека жыта радзіла залатымі зярнятамі. І прарастала ў глебе і новы ўраджай давала. Які б быў фінал у звычайнай казцы? Ну, стаў бы жыць заможна, мо б палац збудаваў, з каралеўнай ажаніўся ці яшчэ нешта нейкае як багаты чалавек зрабіў. А наш герой… далей росціць хлеб ды дапамагае суседзям.
Пра мову два словы. Яна і простая для дзіцячага ўспрымання, і багатая адначасова. Скажу так: прыемная на смак, гісторыі маюць казачную пабудову. Вось толькі фінал практычна ўсіх гісторый, паўтаруся, здзіўляе і кранае.
Гэтым гісторыям пашанцавала, што іх запісаў чалавек вучоны: аўтар – навуковец ды яшчэ гісторык. І ён паставіўся, гэта бачна, выключна адказна да кожнай дробязі. З крытычнага боку гледжання, нейкія элементы, занадта наіўныя ці нязначныя, льга было б і апусціць, нешта нейкае прычасаць. Прынамсі, аўтарская казка так бы і будавалася, калі б пісалася па матывах гэтых гісторый. Але тут маем, скажам так, аўтахтонную гісторыю, часам – з яўнымі гістарычнымі элементамі.
Пра малюнкі. Яны аўтарскія. І шчыра кажу, першыя мяне не ўразілі, нават трошкі засмуцілі. Ну, быццам не зусім беларускія. Але тут вінаватая наша (у дадзеным выпадку – выключна мая) стэрэатыпнасць успрымання беларуса і беларускі ў казачных малюнках. Да ўсяго, у аўтара героі – не толькі сяляне, але і гараджане. Трэцяя-чацвёртая гісторыя пераканалі мяне ў слушнасці аўтарскага бачання: твары герояў без ценю хітраватасці.
Ёсць сюжэты, якія вядомыя па ўсім свеце. Помніце Папялушку? Вось, і тут ёсць такая. І пачынаецца, і развіваецца гісторыя амаль адзін у адзін з вядомай нам казкай. Але, па-першае, абыходзімся без хроснай і чаравічкаў. Па-другое, маем зусім іншы фінал (тут захаваю інтрыгу). Па-трэцяе… ну, вядома ж, міласэрнасць і тут высоўвае сваю дзюбачку: пра адмоўных герояў сказана з жалем, і пакараныя яны… Як пакараныя – самі пачытаеце)
Яшчэ дадам. Нейкія гісторыі па канцэнтрацыі і часу дзеяння маглі б стаць асновай для стварэння гэткай паўнавартаснай аповесці, далібог. Як, прыкладам, гісторыя, малюнак з якой і красуе на вокладцы: пра пекара, двух ягоных сыноў і чараўніка.
І апошняе.
Часам зазіраючы ў кнігарні, дзіўлюся сёння там літаральна базарным развалам кніжак для дзяцей. Як выбраць і не памыліцца? Як не натрапіць на элементарна непісьменныя, безгустоўныя выданні, якія якраз і правяць баль на паліцах?
І як не даць згубіцца сапраўды добрым кнігам, куды укладзена не проста праца выдавецтва і аўтара, але і шчырая, сапраўдная народная мудрасць, а не “абавязковы выхаваўчы элемент”?
Водгук В. Г. з сайта bellit.store.