Апісанне
Як не згубіць сябе ў цемры безвыходнасці? Дзе шукаць сэнс у тэатры абсурду, якім раптам стаў навакольны свет? На лёс Віктара Франкля, знакамітага псіхолага і філосафа, выпала шмат выпрабаванняў: жахі канцлагераў падчас Другой сусветнай вайны, смерць родных і блізкіх, непрыняцце на радзіме. У гэтай кнізе ён апавядае пра свой шлях унутранага пераадолення жыццёвых нягод і дапамагае чытачу адкрыць у сабе крыніцу неверагоднай моцы — моцы сказаць «так» свайму жыццю.
Кнігі Франкля перакладзеныя на дзясяткі моў свету. Амерыканская версія гэтага твора выйшла пад назвай «Man’s Search for Meaning» («Чалавек у пошуках сэнсу»); было прададзена больш за 9 мільёнаў паасобнікаў, а Бібліятэка Кангрэсу ў Вашынгтоне назвала яе адной з дзесяці самых уплывовых кніг у ЗША.


kniznyja_razmovy –
Магчыма, вы ўжо бачылі, што ў выдавецтва “Тэхналогія” выйшла навінка: пераклад кнігі Віктара Франкля “…Усё ж сказаць жыццю “так”. А калі не бачылі і не чулі, то цяпер ужо дакладна будзеце ведаць 🙂
🖤 Гэта вельмі важная кніга, якую аўстрыйскі псіхолаг і філосаф Віктар Франкль напісаў, абапіраючыся на свой досвед знаходжання ў канцэнтрацыйным лагеры.
📙 Упершыню я пазнаёмілася з ёю ў 2022 годзе, калі шукала кнігі, якія могуць дапамагчы мне з адказамі на пытанні пра вайну, пра існаванне ў сітуацыях зняволення і/ці хранічнай небяспекі. Тады я кнігу не чытала, а слухала. У расейскім перакладзе. Цяпер мне пашчасціла прачытаць фрагмент беларускага пераклада. І гэта была быццам тая ж, але зусім іншая кніга.
💧 Не першы раз звяртаю ўвагу, што мова, на якой чытаеш, уплывае на ўспрыманне тэкста. Пры першым знаёмстве з кнігай Франкля я яе ўспрымала як быццам праз шкло. Мне было балюча, але гэта быў халодны боль. Празрыстае захапленне чалавекам, які здолеў праз такое прайсці, разам з дыстанцыянаванай павагай. Беларуская мова адразу зрабіла гэты тэкст для мяне сваім. Блізкім, балючым і цёплым адначасова.
👤 Франкль кажа пра псіхалагічны стан чалавека, які не мае нічога свайго, акрамя таго, што ўнутры яго. І яшчэ хіба што нумар, які становіцца адзіным дакументам у лагеры. Як намацаць у сабе тое, што дазволіць перажыць выпрабаванні? Як раскрываюцца розныя чалавечыя характары ва ўмовах канцлагера? Як зразумець, што чалавек прыняў рашэнне спыніць змаганне? Хто часцей гінуў і хто часцей даваў рады вытрываць усё гэтае пекла на зямлі? Франкль дае адказы.
🤍 Кніга лаканічная. І з-за гэтай лаканічнасці – дужа моцная. Але назва – не проста словы. Гэтая кніга пра жыццё, веру, сілы, мэту. Каб ісці, трываць, жыць. Кніга, патрэбная нам усім цяпер.
Водгук Кацярыны (@kniznyja_razmovy) з сайта bellit.store.