Апісанне
«Anarchy in the UKR» — кніга пра эпоху, якую цяжка ўявіць тым, хто яе не заспеў. Гэта час без інтэрнэту і мабільнай сувязі, момант вялікага злому, калі ўчорашнія чырвоныя сцягі і лозунгі КПСС імгненна гублялі сэнс. На змену ім прыйшлі вулічныя тусоўкі, нефармальныя рухі, чарнуха, эзатэрыка і першыя адчайныя прадпрымальнікі, якія спрабавалі зарабіць на гэтым хаосе.
Нататкі Сяргея Жадана — рэзкія і непрычасаныя. Яны бязлітасна руйнуюць «адрэтушаваныя» ўспаміны, што з часам ствараюць сабе нават відавочцы тых падзей. У гэтай непасрэднасці і палягае іх галоўная каштоўнасць.
Сяргей Жадан — паэт, празаік, эсэіст і перакладчык. Культавая постаць украінскай культуры. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі і знакавых раманаў.
Алег Жлутка — перакладчык, музыка, перформер і ўдзельнік праваабарончага руху. Нарадзіўся ва Украіне ў 1980 годзе. Сябра Таварыства украінскай літаратуры пры СБП, удзельнік арт-суполак «Няхай», «Свамова» і «Тэатра псіхічнай неўраўнаважанасці» Іллі Сіна. Зараз жыве ў Варшаве.
Гісторыя гэтага перакладу пачалася ўвосень 2007 года: «Анархія» настолькі ўразіла Алега Жлутку, што ён адразу пачаў працу. Першае выданне на нашай мове пабачыла свет у Мінску ў 2012 годзе.
У 2014-м ужо прызнаны майстар Сяргей Жадан перавыдаў «Анархію» ў новай рэдакцыі: упарадкаваў пунктуацыю, прыбраў лішнія выпады і каментары, зрабіўшы твор больш выразным і празрыстым. У 2022 годзе Алег Жлутка вырашыў зрабіць свайму перакладу капітальны «рэмастэрынг», каб наблізіць яго да актуальнай украінскай рэдакцыі. Гэтае абноўленае выданне выходзіць у беларускім выдавецтве «Скарына».


Водгукі
Водгукаў пакуль няма.