Апісанне
Кніжны жанр кіберпанку застаўся ў дзевяностых. Усе яго літаратурныя наступствы, якія мы бачым навокал, – гэта развіццё жанру з прыстаўкай “пост”. “Пентаквантар” – менавіта такі посткіберпанк-раман, неўтаймаваны і маштабны тэхнатрылер, які ідзе па слядах “Крыптаномікону” і “Лавіны” Ніла Стывенсана, несучы на сэрцы шнары ад “Штама Андрамеда” Майкла Крайтана і “Нэйрамансера” Уільяма Гібсана.
Нягледзячы на тое, што “Пентаквантар” – гэта аўтарскі дэбют, да сюжэту Арцём Шуканаў падышоў з размахам. Дзеянне адбываецца ў будыйскіх святынях спякотнага Лаоса і на дажджлівых неонавых вуліцах Кіёто. З бетонных джунгляў Мінска-3, што на ўсходніх межах Інтэрмарыуму, даводзіцца перамясціцца на Мальдывы, а адтуль, калі гісторыі становіцца цесна на Зямлі, праз Індыйскі акіян – да вялікай кветкі Чырвонай Плюмерыі, ніжняй станцыі касмічнага ліфта, адкуль героі пачнуць сваё самае далёкае падарожжа да планеты Джуніпер.
Перад вамі дэбютны раман Арцёма Шуканава, які задаўся аднойчы пытаннем “А што я зрабіў у свае годы для кіберпанку?” і вырашыў спакусіцца на нешта значнае. Не клапоцячыся пра наступствы, ён распахнуў літаратурныя дзверы нагою, адразу выкаціўшы на суд чытача буйны і эпічны саенс-фікшан раман.
Арцём Шуканаў, Артем Шуканов, Artsiom Shukanau, Artem Shukanov, Arciom Šukanaŭ, Artsyom Shukanau, Artiom Shukanov, Artem Szukanow, Artsiom Šukanau, Artyom Shukanov.

Maša –
Апошнія часткі прынеслі той жа узровень асалоды, што і з першай кнігі, нават без эфекта навізны. Не ўсе загадкі былі растлумачаны, але з планам працяга ў новай кнізе, застаецца чакаць наступных прыгод каманды асоб і не зусім.
Водгук Maša з сайта Goodreads.com
Воля –
Ахвяравала 2 гадзінамі сну каб дачытаць.
Мінусы – не люблю адкрытыя фіналы.
Аўтар, напішы, калі ласка, трэцюю кнігу ці хаця б які аповед “праз 20 год”. Цяпер яшчэ паўнлчы буду варочацца спрабуючы даасэнсаваць усё.
Таксама не хапіла асабістых гісторый пра іэлаў.
Але захапляльна было вельмі. Доўга трымала ў напружанні.
Водгук Воля з сайта Goodreads.com
Polina Zenevich –
Я нічога не чакала. Аб аўтары не чула, вокладка яркая. І раптам у стужцы пачалі з’яўляцца водгукі сяброў – адзін, другі, трэці, і ўсе захопленыя. Асабісты апытанак пацвердзіў: усё гэта ўзапраўды.
Пачала чытаць і адарвацца стала немагчыма.
Спачатку трэба прывыкнуць да мовы і тэрміналогіі, бо беларускай фантастыкі мала, а тут яшчэ і аўтарская. Гэта патрабуе высілку. Але як толькі ўцягнулася, адразу усё пайшло. Яркія героі, яркі свет, багаты лор, які хочацца вывучаць. Вау і яшчэ раз вау.
З нецярпеннем чакаю, калі дарвуся да другога тома. ❤️
Водгук Polina Zenevich з сайта Goodreads.com